МАКРАФАГІ́ЧНАЯ СІСТЭ́МА манацытарна-фагацытарная сістэма, рэтыкула-эндатэліяльная сістэма,
сукупнасць клетак-фагацытаў тканак і органаў, якія маюць агульнае паходжанне ад манацытаў крыві. Мае 3 звяны: клеткі-папярэднікі (манабласты і праманацыты) чырв. касцявога мозгу; транспартная форма — манацыты крыві (6—8% у лейкацытарнай формуле); клеткі-эфектары — мікрафагі ў тканках і органах, нашчадкі манацытаў, што пакінулі крывяное рэчышча. Клеткі М.с. выконваюць функцыі: выпрацоўкі біялагічна актыўных рэчываў, якія рэгулююць утварэнне імунакампетэнтных лімфоідных клетак; аховы арганізма ад чужародных мікраарганізмаў, таксінаў, інш. часцінак; удзелу ў рэакцыях запалення, рэарганізацыі тканак, загойванні ран, рэгуляцыі кроваўтварэння і інш. Рэгуляцыя функцыянавання М.с. ажыццяўляецца пры дапамозе пасрэднікаў, якія ўтвараюцца макрафагамі, лімфоіднымі і інш. імунакампетэнтнымі клеткамі. Макрафагі ўзбуджаюцца антыгеннымі сігналамі праз комплекс антыген-антыцела, кааперацыя з лімфацытамі ажыццяўляецца пры дапамозе розных рэцэптараў і антыгенаў.
А.С.Леанцюк.
т. 9, с. 542
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)